Гібрыд

Красная Слабада

Што такое вёска? Гэта месца, дзе ўсе ведаюць цябе, калі ты прыхадзень, і за адзін дзень ты без асаблівых высілкаў можаш сустрэць кожнага жыхара. У магазіне, напрыклад. Ці па дарозе ў магазін. Іншых маршрутаў тут няма. У асабовых стасунках людзі кіруюцца правілам “Нам яшчэ разам жыць”, адно аднаго паважаюць, адно аднаму дапамагаюць, бо пра ўсе твае праўды і крыўды вёска будзе ведаць на наступны ж дзень.

Што такое горад? Гэта месца, дзе ніхто не ведае цябе, калі ты прыхадзень, і што ні рабі, усіх жыхароў табе не пабачыць ніколі. Бо маршрутаў тут бездань. І гараджане тым карыстаюцца: табе з задавальненнем стопчуць чаравікі ў аўтобусе, нахамяць у чарзе і штурхануць у метро – усё адно больш ніколі не пабачымся. А ты можаш злаваць, крыўдаваць – той незнаёмец ужо стаптаў наступнага і выйшаў пераможцам.

А што ж такое гарадскі пасёлак? Як у вёсцы, цябе ведаюць усе, але, як у горадзе, усіх за дзень не стрэнеш. Бо магазінаў тут аж пяць штук. І калі гарадскі пасёлак – гэта прыступка паміж вёскай і горадам, то палова людзей яшчэ паводзіць сябе па-вясковаму сумленна, баючыся, што пра іх пахаджэнні назаўтра будуць ведаць усе, а другая палова па-гарадскому смела дазваляе сабе розныя выбрыкі.

Быў аднаго разу такі выпадак. Падыходзіць да мяне — я якраз з машыны вылазіў — дзед. Не надта стары: яшчэ цалкам у сваім розуме і здароўі. І кажа:
— Памажы бульбу падвезці з Акцябра, га?
— Пачакай, во, урок скончыцца і можам ехаць.
— Я заплачу.
— Добра, добра, заплаціш. Пасля ўрока толькі.
Калі выходзіў ад вучня, дзед мяне ўжо чакаў. Па дарозе высвятляецца, што жонка яго робіць у магазіне ў тым самым Акцябры, яны адтуль бульбу і цягаюць.
— Я ж раней у міліцыі рабіў. Таму не турбуйся, як дадуць пенсію, дам табе грошы. Рублёў 50 хопіць?
— Ты мне лепш саляркай аддасі. Мо, ведаеш, дзе дастаць?
— Саляркай дык саляркай. Ты не турбуйся, я чалавек адказны, слова трымаю. Толькі папытаю там у чалавека — і можна ехаць.

І ўсю дарогу ён мне пра сваю адказнасць і словатрыманне.
У той дзень, калі дамовіліся ехаць па паліва, дзед папрасіў падвезці яшчэ бульбы, з умовай, што паліва ўжо гатовае стаіць-чакае.

Вядома, у той дзень саляркі я не ўбачыў. У наступны прызначаны дзень я не ўбачыў і дзеда. З тых часоў былы праваахоўнік ад мяне хаваецца, хаця я прыязджаю да вучня па тры разы на тыдзень. Калі аднойчы сутыкнуліся на лесвіцы, ён пачаў нешта вярзці пра жонку і бальніцу, але мяне тое мала цікавіла.

Часам я бачу, як дзед гамоніць з суседзямі на вуліцы, сёння вось бачыў, як ён шмыгнуў з падвала ў пад’езд. Адно што да мяне больш не звяртаецца.

Калі людзі ў гарадскім пасёлку паміраюць, то іх па-вясковаму праносяць на могілкі праз цэнтр, а пасля па-гарадскому сядаюць за жалобны стол у грамадскай сталовай. Багацейшыя могуць і рэстаран замовіць. Паміраюць у пасёлку па-гарадскому часта, але могілкі па-вясковаму адны. Гэты факт найпрыгажэй акрэсліла адно дзяўчо, якое летась скончыла першы клас.
— А тут наш папка лежит. Но его, наверное, переложили. Он раньше в первом ряду лежал, а сейчас — во втором.

Ёсць тут і пасялковая лазня. Працуе толькі з 14.00 і толькі ў пятніцу і суботу. Кошт — 50 тысяч рублёў. Едуць сюды аматары з усіх навакольных вёсак, але людзей набіраецца няшмат. Качагар можа па-вясковаму напіцца, тады лазня ў пятніцу рабіць не будзе.

Увогуле, грамадская лазня — месца дужа філасофскае. Развагі пра ўладу, успаміны пра жыццё і анекдоты пра жанчын. Грамадская лазня — гэта сувязь пакаленняў, гэта навука маладым. Навука пра тое, што нікога не пашкадуе час і не абыдуць законы прыроды. У лазні ты можаш убачыць сябе праз 20, 30, 40, 50 гадоў. Таму, мне здаецца, ва ўласных ванных ёсць нешта шкоднае: непадрыхтаваныя гарадскія людзі цураюцца, пазбягаюць старых, нібы самі застануцца маладымі, і прыходзяць у абурэнне ад узроставых зменаў уласнага цела, намагаюцца ўтрымаць тое, што належыць аддаць часу…

Што такое пасялковы рэстаран? Гэта месца, дзе перасякаюцца колы ўсіх мясцовых жыццяў: тут гуляюць вяселлі, адзначаюць юбілеі, і жалобны стол накрываюць таксама тут. Таму можна быць пэўным, што ўсе мясцовыя жыхары хаця б раз у рэстаране пабывалі.

Але не кожны б прызнаў гэтае месца за рэстаран, бо выбар страў тут у звычайны дзень замалы: 2 салаты, бульба-пюрэ, папараць- катлета і ўсё. Вячэра каштуе столькі ж, колькі атрымлівае настаўнік за адзін урок. Гэта практычна месца пануючага сацыялізму.

Як увесь пасёлак тут святкуе свае падзеі, то рэстаран часта закрыты для шараговых наведнікаў. Працуе ён з 12.00 да 15.00 і з 17.00 да 21.00. Рахункі выпісваюць ад рукі, бывае, што і проста на палове аркуша А4. Тэлефон і картачны тэрмінал працуюць на адной лініі, таму карткай заплаціць можна толькі тады, калі па тэлефоне ніхто не размаўляе і на месцы адміністратар рэстарана, бо толькі яна валодае Тэхналогіяй. Сама яна жыве праз дарогу. Відаць, каб не спазняцца на працу. Але гэта не замінае ёй хварэць і на працу не выходзіць. У такія дні для аплаты прымаюцца толькі наяўныя.

У гарадскім пасёлку табе не адтопчуць ногі ў грамадскім транспарце, бо тут няма грамадскага транспарту, хаця пасёлак расцягнуўся на добрых 4 кіламетры. Таму тут круглы год карыстаюцца роварамі, нягледзячы на забароны ДАІ. І дзеці тут па-вясковаму гойсаюць на роварах, хаця ім па-гародскому можна гэта рабіць толькі з 14 год.

На ўсіх уездах у пасёлак пакладзены высокія, сантыметраў пад 20, паліцэйскія — няўдалая спроба ліквідаваць маёмасную няроўнасць. Гэта каб у кулакоў на іншамарках не было магчымасці павыхваляцца сваім нізкім прасветам.

Зрэшты, у пасёлку магчыма б было простае вясковае шчасце, калі б яно не вымяралася гарадскімі лічбамі.

One Response to “Гібрыд”

  1. Шыкоўна напiсана!

Обсуждение - Оставьте комментарий