Дзень ведаў. Дзень ведае. Дзень будзе ведаць

Лінейка, прысвечаная Дню ведаў, пачалася з фанфараў – саўндтрэка да “Зорных войнаў”. Сярод запрошаных гасцей быў святар, міліцыянт і МНСнік. Святар блаславіў усіх, прачытаў малітву і абліў святой вадой. Міліцыянт нагадаў пра правілы дарожнага руху і знахожданне непаўнагадовых пасля 23.00 на вуліцы без бацькоў. Нешта істотнае сказаў і супрацоўнік МНС. Танцы, песні, першаклашка на плячы адзінаццацікласніка. Сцяг пад дзяржаўны гімн уздымацца не хацеў. Імкліва ўзляцеў толькі пасля другога куплета.

Першы ўрок ацэньвалі бацькі, намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце і “летапісцы”. Гэта была класная гадзіна на тэму “На цябе, наша моладзь, надзея!”. Ішоў жа Год Моладзі. І самі сабой напрошваюцца тэмы для іншых гадоў:

  • інтэлігентныя “На цябе, наша культура, наша навука, наша кніга, надзея!”;
  • наіўныя “На цябе, наша гасціннасць, наша беражлівасць, надзея!”;
  • і безвыходная “На цябе, наша здароўе, надзея!”.

Калі давесці градацыю да абсурду, то можна заўважыць увесь памяркоўны спажывецкі патэнцыял беларускага менталітэту: ад мяне ўжо нічога не залежыць, больш, чым я раблю зараз, рабіць не буду і не збіраюся, бо і так зрабіў занадта, таму ўсе мае спадзяванні скіраваны на іншых, напрыклад, на моладзь – хай яна і робіць.

Але, натуральна, немагчыма, каб чалавек, якога дзеці бачаць упершыню ў жыцці і які сам упершыню бачыць гэтых дзяцей, распавядаў ім пра выступленне прэзідэнта на 42-м з’ездзе БРСМ, асноўныя палажэнні Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, пра дасягненні Беларусі на міжнароднай арэне і выбарчае заканадаўства (бо набліжаліся выбары прэзідэнта). Карацей, катэгарычна няветліва пачынаць стасункі з абмеркавання тэмы, якая не цікавіць ніводны з бакоў. Таму гэта было стандартнае для нефармальнай адукацыі знаёмства.

Заўважу, што тэма Дня ведаў агульная і адзіная для ўсіх школ краіны. Міністэрства публікуе адмысловыя метадычныя рэкамендацыі “па правядзенні 1 верасня першага ўрока і мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ведаў” (не блытаць з інструктыўна-метадычным пісьмом!). Прапаную засяродзіцца на феномене метадычных рэкамендацый як такіх.

Даўным-даўно ў сістэме адукацыі дастаткова было прытрымлівацца рэкамендацый, каб забяспечваць якасць адукацыі. Як аднойчы прыйшоў злы чараўнік і скраў сапраўдны сэнс слова “рэкамендацыя”, падмяніў яго і схаваў за дзесяццю законамі. З таго часу ўсе сталі разумець слова “рэкаменадацыя” як “загад” і проста прытрымлівацца яго стала недастаткова – трэба было яго выконваць. І пачалася хваля рэпрэсій: за “лапкі” і “елачкі” вучні пазбаўляліся медалёў, за клетачкі і лінеечкі настаўнікаў пазбаўлялі прэмій, за “С.” і “Стр.”, “Пр.” і “Практ.” намескнікі дырэктароў атрымлівалі вымовы.

Я хацеў бы сказаць, што ў гэты момант з’явіўся добры асілак, пабіў злога чараўніка і вярнуў для добрага навучання людзям паспалітым здаровы сэнс, ды ў гэтым не будзе праўды. А праўда ў тым, што пакуты і катаванні цягнуцца дагэтуль і ратунку ніякага няма.

Каб шаноўны чытач адчуў метадычна-рэкамендацыйны пафас, прыводжу вытрымку з памянёнага вышэй дакумента.

У ходзе першага ўрока мэтазгодна падкрэсліць, што пастаяннымі намаганнямі кіраўніка дзяржавы ў нашай краіне захоўваецца мір і спакой, створаны спрыяльныя ўмовы для жыцця ўсіх яго грамадзян незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання.

“…для жыцця ўсіх яго грамадзян…” Хто гэты Ён, дазвольце запытаць, якому належаць грамадзяне? Блюзнерствам павейвае.

Як чалавек, у якога злы чараўнік нічога не скраў, я, шчыра азнаёміўшыся са зместам метадычных рэкамендацый, адклаў іх убок.

Падчас урока ў кабінет на імгненне зазірнула дырэктар і пасля выклікала да сябе.

— Когда вы собираетесь проводить первый урок?

— Ён жа вось толькі скончыўся.

— Нет, это был тренинг, я видела. У вас там стулья в круг стояли.

— Не, гэта быў урок-знаёмства.

— Это хорошо, что вы используете нестандартные методы, но вы понимаете, что нарушаете должностные обязанности? Есть же план воспитательной работы. У вас он есть? А дневник классного руководителя? Чтобы на следующем же классном часу вы отработали эту тему.

Педагог-псіхолаг, з якой мы пазнаёміліся крыху пазней, заўважыла, што ёй імпануе мой падыход. Па дзіўным супадзенні, кабінет, у якім я меў працаваць наступны год, быў аддзелены ад кабінета псіхолага тонкай гіпсакартонавай сценкай, і яна магла чуць усё, што адбываецца ў маім класе.

Намесніца дырэктара, якая была на ўроку, сказала, што прыкрые мяне перад дырэктарам за тое, што ўрок не адпавядаў тэме. Пазней гэтая намесніца здзіўлялася, як гэта я, яшчэ тыдня не прайшло, ведаю ўсе імёны вучняў. І ў гэтым здзіўленні адкрываецца хіба традыцыйнага фармальнага падыхода да адукацыі. Знаёмства разглядаецца толькі як інструмент, каб вучні даведаліся, як клічуць адно аднаго. Звычайны ўрок разглядаецца толькі як інструмент, каб у вучняў з’явілася новая інфармацыя. Але і знаёмства, і кожны наступны ўрок карысныя і для настаўніка. Калі вучань прэзентуе сябе класу падчас знаёмства, настаўнік таксама асацыюе імя вучня з яго манерамі, маўленнем і нават настроем, а не толькі са знешнасцю, як гэта адбываецца, калі мы чытаем спіс з журнала на пачатку ўрока. Так і звычайныя заняткі: калі вучань адказвае ля дошкі, гэта не толькі праверка яго ведаў, не толькі развіццё навыкаў прэзентацыі і вуснага маўлення, у гэты момант я пазнаю іншага чалавека, узбагачаю свой свет і – вельмі часта! – гляджу на інфармацыю з новага, нават нечаканага боку. Не толькі дзеці вучацца – я таксама вучуся. Вучуся здзіўляцца вядомаму, захапляцца звычайным, бачыць у кожным вучні нешта асаблівае, непаўторнае і дапамагаць ім убачыць гэту ўнікальнасць у саміх сабе.

Калі я не для гэтага, то нашто я?

Обсуждение - Оставьте комментарий