Напярэдадні

Прыёмная камісія складалася з трох чалавек: дырэктар і дзве намесніцы. Пытанні былі не вельмі цяжкія і вельмі нетактоўныя:

– Ці праўда, што ў вас дзеці на ўроках пад партамі сядзяць?
– Ну, так.
– Вы ж разумееце, што ў нашай школе гэта недапушчальна?

Ці вось так:

– Праўда, што ў вас на ўроках такі шум, што ў суседнім кабінеце немагчыма працаваць?
– Так, бывае.
– Але ж гэта непедагагічна!

І гэтак далей. Мы адказвалі гуманістычнай педагогікай, выхаваннем свабодай і развіццём самастойнасці.

– Ну, гэта ў вас там у вёсцы такое магчыма. У нас усё па-іншаму, – адказвалі жанчыны і паблажліва ўсміхаліся.

Мы даведаліся, што школа, куды нас парэкамендавалі, нядаўна адзначыла 150-гадовы юбілей, што яна ў 11 разоў большая за папярэднюю па колькасці вучняў і амаль ў 7 разоў – па колькасці настаўнікаў. У паралелі ў сярэднім па 3 класы, у класе недзе па 20 чалавек.

Пасля размова хутка перайшла да нагрузкі, і ў выніку я атрымаў тры класы беларускай мовы і літаратуры (5-ы, 6-ы і 7-ы), яшчэ трох вучняў на дамашнім навучанні і класнае кіраўніцтва.

На педнарадзе перад навучальным годам школьная актавая зала была амаль поўная. На той момант я яшчэ не быў упэўнены, ці не выкліканы гэты аншлаг цікаўнасцю да творчасці тых, хто меўся сёння выступаць. Па руках ішоў планшэт з пустымі аркушамі, дзе кожны прысутны ставіў прозвішча і подпіс (як мне патлумачылі, на першых старонках пасля з’яўляўся пратакол з прынятымі рашэннямі, пад якімі ўсе ўжо падпісаліся, – хутка і зручна).

Тут трэба зрабіць заўвагу наконт зместу першай у годзе педнарады. Цэлае лета з году ў год Міністэрства адукацыі сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі і “Настаўніцкай газетай” друкуюць ІМПы – інструктыўна-метадычныя пісьмы (не блытаць з метадычнымі рэкамендацыямі!), – што змяшчаюць у сабе розную карысную інфармацыю. У іх гаворыцца “аб выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій”, “аб некаторых пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу” (правільна, не аб усіх пытаннях, а толькі аб некаторых), “аб арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў” (усіх разам) і аб “асаблівасцях арганізацыі пры вывучэнні” кожнага прадмета паасобку, “аб арганізацыі працы бібліятэк”, аб “асаблівасцях арганізацыі сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы” і шмат, шмат іншых.

Карацей, адпачываць Міністэрству няма калі. Яно цэлае лета займаецца інструктыўна-метадычным пісьмом, а настаўнікі ўсёй краіны пасля займаюцца інструктыўна-метадычным чытаннем. А інспектары пасля год ездзяць і правяраюць тэхніку чытання: ці ўсе прачыталі, ці ўсё зразумелі, ці ўсё выканалі?

Гэта як раз той выпадак, калі летні дзень год корміць: як напішаш добрае, змястоўнае, з разынкамі і неадназначнымі момантамі пісьмо, то будзе за што са школ штрафы спаганяць.

Дык вось, сядзім мы на чытанні. Ланцужком чытаюць намесніца па пачатковай школе, па выхаваўчай, па вучэбнай і па метадычнай рабоце — ажно чатыры намесніцы. У нас у вёсцы за ўсе работы адказвала адна. Чарга падыходзіць да дырэктара.

Дырэктар, дужа гаспадарлівая жанчына савецкай вытворчасці і выхавання, гаворыць наступнае:

– Нас вчера собирали в отделе образования и обратили внимание на нововведение, которое звучит так: “Недопустимо требовать от учителя заполнения отчетной аналитической информации об успеваемости учащихся”.

Па-чалавечы гэта называецца ведамасцю сярэдніх балаў. Напярэдадні 2015/2016 навучальнага года ўсе СМІ пляскалі ў ладкі, спасылаючыся на гэты радок: настаўнікаў вызвалілі ад лішніх папер, ура! Насамрэч, з усіх папер гэтая ведамасць – драбінка. Нават пры павярхоўным валоданні электроннымі табліцамі падлік сярэдняга бала займае не больш за 5 хвілін.

Дырэктар працягвала.

– Вот они в Министерстве написали, что с учителя требовать недопустимо. А с кого требовать, не написали! Кто теперь это должен делать? Классные руководители? Или заместители? Так у них своей работы достаточно. Поэтому, нам сказали в отделе, мы эту строчку пальцем закрываем и работаем как раньше.

Мы зараз не будзем абмяркоўваць, навошта ўвогуле патрэбны сярэдні бал, які ён бывае і што паказвае. Давайце выйдзем за межы прыватнай сітуацыі і звернем увагу на тэндэнцыю. Міністэрства публікуе чарговую пастанову. Цалкам слушную пастанову. Няхай яна закранае нешта павярхоўнае, не прэтэндуе на рэвалюцыйнасць, але спрыяе паляпшэнню сітуацыі. Пастанова апісваецца па тэлебачанні і ў інтэрнеце са станоўчага боку, прыводзяцца варыянты плёну, да якога яна прывядзе, анансуюцца нават наступныя крокі ў гэтым напрамку. Гледачы-чытачы шчаслівыя, настаўнікі заспакоеныя, чыноўнікі ганарацца сабой і атрымліваюць узнагароды, прэміі і павышэнні.

І тут на сцэну выбягаюць на-месцах-перагібацелі і пачынаюць перагібаць. Кажуць тое, што яны заўсёды кажуць, і сыходзяць назад у змрок. Там, у змроку, яны, як і чыноўнікі, ганарацца сабой і атрымліваюць узнагароды, прэміі і павышэнні. Але пра гэта не гаворыць тэлебачанне і не пішуць інтэрнеты, бо тыя супрацоўнікі вельмі сціплыя, і ім не трэба ўсенароднага прызнання. Яны проста выконваюць сваю працу. Ды і навошта гледачоў-чытачоў пазбаўляць шчасця? Яго і так зусім мала ў наш неспакойны час.

Дзіўнае становішча атрымліваецца. Спачатку супрацоўнікі Міністэрства атрымліваюць заробкі за распрацоўку і ўвядзенне нейкай пастановы, збіраюць нарады і тлумачаць, як яе рэалізаваць; а пасля супрацоўнікі райвыканкамаў атрымліваюць заробкі за тое, што збіраюць новыя нарады і тлумачаць, як не дапусціць яе выканання.
Але гэта не майго розуму справа. Я ўсяго толькі малады настаўнік. І на момант першай педнарады існаванне таго радка ў газеце мяне зусім мала турбавала.

Напрыканцы нарады дырэктар прэзентавала калектыву новых настаўнікаў: мяне, маладую дзяўчыну-матэматыка і маладую жанчыну-настаўніцу англійскай мовы, прозвішча якой Макаранка. Я вырашыў, што гэта знак.

Обсуждение - Оставьте комментарий