Прафанацыя адукацыі

Нягледзячы на ўсе памылкі і промахі, якія старанна збіраліся ўвесь першы год працы, спыняцца мы не збіраліся. Па выніках першага тыдня ў мяне ўжо быў даволі зайздросны паслужны спіс, які ледзь не штодня папаўняўся рознымі, часам вельмі дзіўнымі, заўвагамі і абавязкамі.

***

Падышла намесніца па метадычнай рабоце і запытала:

— Вы ж у камп’ютарах трохі разумееце?

Я падумаў, мо, нешта зламілася і трэба зрабіць.

— Так, а што здарылася?

— У нас ёсць чатыры вучні на хатнім навучанні, а настаўніцы інфарматыкі няма часу да іх хадзіць, то мо б вы ўзялі?

Для тых, хто далучыўся да нас нядаўна, нагадаю, што на той момант у мяне не толькі не з’явілася другой адукацыі (па інфарматыцы), але і першая (па беларускай філалогіі) яшчэ не скончылася. Тым не менш гадзіны трэба было закрываць, і вось я ўжо знаходжу сябе настаўнікам беларускай мовы, літаратуры і інфарматыкі з шалёнай пасля вясковай школы нагрузкай у 35 гадзін.

Сітуацыя ўскладнялася маім першым класным кіраўніцтвам, якое вымагала

  • планаў выхаваўчай і ідэалагічнай работы на тыдзень, чвэрць і год;
  • афармлення стэндаў у кабінеце (гімн-герб, БРПА, правілы бяспечных паводзінаў і тыя ж планы выхаваўчай і ідэалагічнай работы);
  • маркіроўкі парт і крэслаў у кабінеце ў адпаведнасці з ростам вучняў;
  • плана рассадкі ў адпаведнасці з маркіроўкай;
  • складання актаў агляду жылых памяшканняў (не як у Жыліхаве на 5 сем’яў, а на 20);
  • арганізацыі харчавання ў сталовай;
  • запаўнення і праверкі дзённікаў;
  • запаўнення і вядзення класнага журнала (старонкі з раскладам, кожным прадметам і факультатывам, інфармацыяй пра вучняў і іх бацькоў);
  • размеркавання абавязкаў у класе (стараста і намеснік, загадчыкі спартыўным, мастацкім і гаспадарчым сектарамі);
  • дзённіка класнага кіраўніка (на кожнага вучня адведзеная асобная старонка, дзе пазначаюцца нейкія назіранні);
  • сацыяльна-педагагічнай характарыстыкі класа;
  • экрану ўзделу вучняў у агульнашкольных мерапрыемствах;
  • і іншыя “кантролі”,”арганізацыі” і “аналізы”.

Калі нешта з гэтага не будзе зроблена дакладна і своечасова, рыхтуйся быць абвінавачаным у неадпаведнасці пасадзе і марнаванні бюджэтных грошай.

Натуральна, такія абвінавачванні на мой адрас паступалі пры кожнай зручнай магчымасці. На маё шчырае неразуменне патрэбы ў розных прафанацыях, я чуў, што гэта ўсё патрабуе на праверку аддзел адукацыі. Сістэма сфармуляваная яшчэ ў мультфільме “Трое з Прастаквашына”: каб праверыць нешта непатрэбнае, трэба спярша напісаць нешта непатрэбнае. Ну вось я і не пісаў.

***

— Покажите мне свои планы-конспекты на сегодня, — запытала ў мяне дырэктар пасля заканчэння вучэбнага дня.

— У мяне іх няма.

— Вы понимаете, что нарушаете должностную инструкцию?

— Але ж у інструктыўна-метадычным пісьме падкрэсліваюць, што форму вядзення плана-канспекта, яго аб’ём і яго “і г.д.” настаўнік вызначае самастойна.

— Правильно. Это значит, что план-конспект может быть не в письменной форме, а в компьютерной, но он должен быть!

На тым і спыніліся. Я лічыў, што план-канспект можа быць і ў вуснай форме, і ў пісьмовай, а дырэктар – што ў папяровай ці электроннай. Чарговая пастка ад складальнікаў ІМП, якую кожная творчая асоба можа выкруціць у неабходны бок.

***

ПАПЯРЭДЖАННЕ ДЛЯ БУДУЧЫХ НАСТАЎНІКАЎ
Выкарыстанне аўтаматычнай ручкі Pentel “EnerGel” пры запаўненні класнага журнала можа выклікаць расстройства адміністрацыі.

***

— Что это за панибратство такое? Почему вы позволяете детям называть себя по имени и здороваетесь с ними за руку? – гэта чарговая гутарка з дырэктарам.

— Таму што так прасцей і лагічней.

— Ничего логичного в этом нет! Дети поймут вашу слабину и сядут вам на шею. Не будет никакого уважения!

Не будзем зараз разважаць пра сувязь імя па бацьку і павагі, тым больш пра сувязь імя па бацьку і дысцыпліны, бо гэта суцэльныя домыслы і метафізіка. Прывяду толькі два факты пра сувязь імя па бацьку і памяці.

  • Што мяне завуць Дзімам, вучні запамінаюць на першым жа ўроку і не адчуваюць ніякага дыскамфорту.
  • Каб запомніць, што я Дзмітрый Маратавіч, настаўнікам не хапіла году: увесь час я быў ці Макаравіч, ці Маркавіч, ці Цімуравіч. Таму яны, як усе выхаваныя людзі, вымушаны былі выбачацца і марнаваць свой і мой час на пустыя словы этыкету.

***

Праз згаданую вышэй ручку ў адзін цудоўны дзень мне давялося перапісваць класны журнал. Добра, што пачатак года і ўрокаў прайшло не шмат, бо было б вельмі няёмка перад старэйшымі калегамі за маю недасведчанасць.

Ой! Пачакайце! Як жа гэта – перапісваць журнал?! Гэта ж дакумент! Гэта ж справаздача! Гэта ж альфа і амега ўсяе адукацыі, а вы кажаце перапісаць. Вы Біблію таксама перапісваеце?

Толькі не пужайцеся гэтак моцна. Я зараз усё патлумачу. Справа ў тым, што праверкі, якія наведваюць школу, валодаюць вельмі чулай, тонкай і эстэтычнай душэўнай арганізацыяй, а таму не выносяць, калі ў журнале ёсць выпраўленні ці ўжытыя ручкі розных колераў. Адміністрацыя школ, у сваю чаргу, імкнецца гэтую арганізацыю не пашкодзіць, а таму папярэджвае ўсіх настаўнікаў, каб заўсёды карысталіся адным колерам хаця б у межах сваіх старонак у журнале, а настаўнікаў пачатковай школы – адным колерам цягам усяго года. І хаця з колерам праблем не было, у маёй ручкі быў іншы сур’ёзны недахоп. Было яно так.

— Дмитрий Маратович! Что вы делаете?! – намесніца па пачатковай школе зазірнула ў настаўніцкую.

— Запаўняю журнал.

— Вы что! Такой ручкой нельзя!

— Чаму?

— Она же выцветет на следующий год, и журнал будет как будто пустой! – намесніца ўцякла па дапамогу. Я працягнуў пісаць.

Вяртаецца праз дзве хвіліны з іншай намесніцай. Тая адгортвае першую старонку журнала, дзе змяшчаюцца патрабаванні (ці рэкамендацыі?) да афармлення класнага журнала, і зачытвае:

— “Запісы ў журнале выконваюцца ручкай з пастай сіняга або фіялетавага колеру”. Вы считаете, что ваша ручка подходит под такие требования?

— Натуральна. Хіба яна не сіняя?

— Нет, вы не поняли. Синяя-то синяя, но в требованиях указано «ручкой с пастой синего цвета», а у вас ручка гелевая!

— Але ж я ўвесь мінулы год такой ручкай пісаў у журнале!

— Что я вам могу сказать. Вы уже не в деревне.

І вельмі шкада, што не.

Обсуждение - Оставьте комментарий