Недадумка #15. Нефармальная фармальная

Падчас апошняй сустрэчы мы з вамі разважалі наконт тэорыі нефармальнай адукацыі, яе сутнасці і асаблівасцях. Сёння пагаворым пра пабудову нефармальных урокаў.

Звычайна нефармальныя заняткі ўтрымліваюць 3 часткі: трыгер (уступ), асноўная частка і праверка. Трыгер – гэта спосаб завалодаць увагай удзельнікаў, зачапіць іх. Гэта можа быць відэафрагмент, інсцэніроўка ці што заўгодна і можа доўжыцца як адну хвіліну, так і цэлы ўрок. З асноўнай часткай усё зразумела, пракаментую праверку. З-за таго што ў нефармальнай адукацыі няма адзнак, то высвятляць, куды падзелася інфармацыя, якая боўталася ў паветры апошнюю гадзіну, трэба тут і цяпер. Не варта нічога пісаць, устаўляць ці падкрэсліваць – ёсць шмат цікавых і элегантных методык. Напрыклад, калі на занятках вы праходзілі характарыстыку мастацтва Заходняй Еўропы на пачатку XX ст., не прымушайце вучняў пералічваць асаблівасці мадэрнізму — запрасіце іх намаляваць што-небудзь з кубізму.

Я падрыхтаваў прыклад урока па беларускай мове. (Зазначу, што нефармальная адукацыя не прадугледжвае поўнай забароны на выкарыстанне традыцыйных школьных прыёмаў і метадаў.)

 

Тэма “Фразеалагізмы”.

Мэта: пазнаёміць вучняў з уласнабеларускімі выразамі.

Аўдыторыя: 5 клас, 10-20 чалавек.

Матэрыялы: 10 аркушаў А5 з фразеалагізмамі (Дадатак 1), да 10 аркушаў А5 з табліцай (2 слупкі, да 10 радкоў; 1-ы слупок – пазначаныя магчымыя значэнні фразеалагізмаў, 2-гі слупок – пусты. Дадатак 2), па колькасці ўдзельнікаў аркушаў з тэкстам (Дадатак 3).

 

Трыгер (20 хвілін)

Да пачатку заняткаў настаўнік развешвае па школе аркушы з фразеалагізмамі (на сцены, дзверы, кветкі і г.д.) і малюе на дошцы (выводзіць на экран) табліцу 2 x 10. Удзельнікаў трэба раздзяліць на каманды па 2 чалавекі ў кожнай (калі камусьці не хапае пары, да яго далучаецца настаўнік) і раздаць кожнай камандзе аркуш з табліцай. Адзін чалавек з каманды застаецца ў кабінеце з табліцай, другі – шукае па школе выразы, запамінае, вяртаецца ў кабінет і паведамляе іх свайму напарніку; разам яны вырашаюць, што азначае той ці іншы выраз. Задача каманд – запоўніць табліцу па прынцыпе “значэнне-устойлівы выраз”.

 

Ход урока (15 хвілін)

Удзельнікі вяртаюцца на свае месцы. Разам правяраем, ці правільна пазначаны значэнні, нехта (настаўнік ці іншы ўдзельнік) запаўняе агульную табліцу.

На групу гучыць пытанне, што гэта за выразы, што ў іх агульнага, адрознага, як яны называюцца. Пераходзім да тэарэтычнага блока (паняцце, уласцівасці, віды фразеалагізмаў, фразеалагізмы-сінонімы, міжмоўныя сінонімы).

 

Праверка (7 хвілін)

Ёсць насычаны фразеалагізмамі ўрывак з мастацкага твора і ён жа, але ўжо без фразеалагізмаў. Раздаём кожнаму ўдзельніку, чытаем услых. Прапануем параўнаць. Спрабуем вызначыць (назваць) ролю фразеалагізмаў у тэксце.

 

Фідбэк (3 хвіліны)

 

Дадатак 1. Прыклады фразеалагізмаў для ўрока.

Біць бібікі, павесіць нос, ні за дзякуй, за гарэлы блін, за пусты струк, у вырай збірацца, зямлёю пахнуць, за мухай з абухам, за бэрай з сякерай, гады ў рады.

Дадатак 2.

Без прычыны
Гультайнічаць, нічога не рабіць
Рыхтавацца да смерці, паміраць
Рэдка, мала
Завялікая сіла для малой працы
Засумаваць

Дадатак 3.

Бач, сабака Грышка! Ён клешчам упіўся табе ў сэрца, ды нічога з таго не будзе. Бацька твой дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сведкай проціў Цюхая-Ліпскага. Найяснейшая карона прыехаў на прасоку па жалобе Цюхая на твайго бацьку, што ён яго пабіў; і калі ты пойдзеш за мяне, дык я гатоў і душою пакрывіць, ды даказаць на следстве, што бацька твой не біў Цюхая; а калі мае не ў лад, то я з сваім назад. Заспрачаўся толькі, дык я зараз буду сведкай проціў твайго бацькі. Уехаў твой родны ў нерат – ні ўзад, ні ўперад. Папаўся юрысту ў кіпці, – выссе ён яго, як упыр непамысную дзяўчыну. А калі б яму і ўдалося перапрасіць найяснейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: чорт бяду перабудзе – адна згіне, дзесяць будзе. Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіка на вуголлях, – адцураецца і сваіх.

(В. Дунін-Марцінкевіч)

Бач, сабака Грышка! Ён моцна трымае цябе, ды нічога з таго не будзе. Бацька твой дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сведкай проціў Цюхая-Ліпскага. Найяснейшая карона прыехаў на прасоку па жалобе Цюхая на твайго бацьку, што ён яго пабіў; і калі ты пойдзеш за мяне, дык я гатоў і збрахаць, ды даказаць на следстве, што бацька твой не біў Цюхая; а калі ты мне адмовіш, я нічога рабіць не буду. Заспрачаўся толькі, дык я зараз буду сведкай проціў твайго бацькі. Трапіў твой родны ў складанае становішча. Натрапіў на юрыста, – ён яго замучыць. А калі б яму і ўдалося перапрасіць найяснейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: здарыцца нешта благое – чакай новага. Справа ў суд як пойдзе, дык так моцна дапякуць юрысты – адцураецца і сваіх.

One Response to “Недадумка #15. Нефармальная фармальная”

  1. Як варыянт, як этап урока — цудоўна! Навучанне праз гульню, праз займальнасць — выдатна! І ў пятым, і ў адзінаццатым класе, безумоўна, на ўроку павінна быць цікава. Добра, што не адмаўляеце традыцыйных форм. Без іх нельга, бо інакш дзеці прывыкнуць, што Ваш урок — гэта бадзянне па школе, гаварыльня. Мова — гэта праца, напружаная праца, адпрацоўка ўменняў, давядзенне пэўных навыкаў да аўтаматызму. На жаль, не ўсё так проста і з мастацкім тэкстам. Гэта Вам усе словы тут зразумелыя, а ў звычайнай (ды і ў незвычайнай) школе горада М. палову слоў давядзецца вывесці на экран з перакладам на р. мову.

Обсуждение - Оставьте комментарий