Яблыкі і новыя паперы

У аўторак, 16 верасня, я пачаў разумець, што вучні прызвычаіліся да майго існавання: дамашняе заданне не зрабіў амаль ніхто. Я, канешне, ніякай сістэмы пакаранняў не вынаходзіў. Мы разам рабілі тое, што мусіла быць зроблена дома, проста ў класе.

Маленькае лірычнае адступленне. Я, шчыра кажучы, не ведаю, што рабіць з д/з. Я разумею, што яно задаецца для замацавання інфармацыі, вывучанай на уроку; у той жа час я разумею, што шмат якім дзецям няма калі дома займацца філалогіяй – трэба займацца гаспадаркай. У такім выпадку ўсю школьную праграму трэба расцягнуць (ці скараціць) удвая, бо яна разлічаная на тэорыю ў школе і практыку дома, а тут атрымліваецца, што і вывучэнне новага матэрыялу і яго замацаванне адбываецца ў класе, бо дома ў дзяцей на гэта няма часу.

У 8 класе праходзілі Барадуліна “Трэба дома бываць часцей”, верш трэба было вывучыць. Адказалі, натуральна, не ўсе. Цягам дня нам абвясцілі, што заўтра ізноў будуць яблыкі, і адна вучаніца абяцала мне расказаць верш “на яблыках”.

Яблыкі расцягнуліся на 2 дні, верш я так і не пачуў, але паміж намі адбываліся цікавыя дыялогі.

— Прывітанне, Юля! Як жыццё?
— Дообра!
— “Трэба дома бываць часцей”, Юля!
— Канешне, трэба, Зміцер Маратавіч! Безумоўна!

Зазначу, што верш Юля ўсё ж вывучыла.

Пакуль збіралі яблыкі, да мяне падышла настаўніца нямецкай і запыталася пра “тэму самаадукацыі”. Я не адразу зразумеў, чаго ад мяне хочуць. Як патлумачылі, я выдаў адразу: “Нефармальная адукацыя ў традыцыйнай школе”. Праз колькі хвілін да мяне ізноў падышлі, але ўжо з просьбай перафармуляваць тэму, бо «слова “нефармальная”, ведаеце, нейкае такое… ну, асацыяцыі з ім розныя…»

Тэма самаадукацыі (ў дачыненні да школьных настаўнікаў) – гэта такі стос паперы, які ёсць (мусіць быць) у кожнага маладога настаўніка, дзе ён нібыта пазначае, як ён нібыта самаразвіваецца. Сюды падыдуць усе прачытаныя кнігі і часопісы, наведаныя канферэнцыі, семінары і ўрокі – усё, што нейкім чынам уплывае на вашую дасведчанасць. І ні ў якім разе не забудзьцеся на планаванне самаадукацыі на год наперад.

Толькі я не памятаю, каму гэта трэба.

Як вярнуліся з яблыкаў, мяне пазнаёмілі з яшчэ адной паперай – “Планаваннем работы кабінета”. Як заўважыў мой калега, “нібыта ты сыходзіш, а кабінет пачынае працаваць”. Працягваючы гэтае адухаўленне, здзіўлюся: калі кабінет сам працуе, чаму я мушу за яго складаць планаванне?

“Гадзіна кабінета”, як гэтае планаванне фігуруе ў настаўнікаў, афармляецца як любое КТП: аркуш з табліцай на 35 радкоў і 3 слупкі, змест якіх ужо каментаваў Сяргей Сяргеевіч.

Каму трэба гэтае планаванне, таксама не памятаю.

На гэтым жа тыдні новай старонкай мяне парадаваў класны журнал.

Усіх настаўнікаў сабралі на адным з перапынкаў, каб высветліць нейкі “дадатковы кантроль”. Яго распісвалі вельмі пільна і ў пэўным парадку, і мая прысутнасць пры гэтым нічога не вырашала.

Як пазней мне патлумачылі, дадатковы кантроль – гэта час, які настаўнік марнуе на праверку сшыткаў. І ён – гэты самы кантроль, уявіце сабе! – дадаткова аплачваецца. У ідэале сітуацыя выглядае наступным чынам: я запускаю секундамер, пачынаю правяраць, заканчваю, спыняю секундамер і запісваю хуткасць праверкі ў журнал адпаведнага класа. Так я раблю кожны раз, калі правяраю сшыткі (а колькасць гэтых разоў рэгламентавана Міністэрствам адукацыі), і напрыканцы месяца мае хвіліны складваюцца ў нешта, што мне кампенсуюць. Але, каб я наўмысна марудна не правяраў сшыткі, з нейкіх аблокаў спускаецца лічба – яна персанальная для кожнага прадмета, — нібы прывязаная да колькасці гадзінаў у кожным класе; хаця нашмат лагічней прывязаць яе да колькасці вучняў, бо пры аднолькавай колькасці гадзін, напрыклад, у 7 класе гарадской і вясковай школ, мне ўсё ж трэба праверыць 3 сшыткі, а майму калегу з гораду – 33.

Такім чынам, у канцы кожнага журнала ёсць старонкі ўліку дадатковага кантроля, дзе настаўнікі, якія выкладаюць у тым ці іншым класе, пазначаюць загадзя вядомую колькасць часу загадзя вядомую колькасць разоў. Я не разумею, навошта кожны раз знаходзіць тое, што знайшлі да цябе і што ты сам ўжо не аднойчы знаходзіў. А аўтару гэтага вынаходніцтва хачу паглядзець у вочы.

А на сходзе па дадатковым кантролі настаўнікі вызначалі, якім днём, па якой чарзе, які настаўнік будзе нешта маляваць. Проста каб было прыгожа.

Вынік трэцяга тыдня: у намаганнях даведацца, што ж адбываецца ў школах насамрэч, Міністэрства адукацыі зайшло так далёка, што ўся школьная справаздачная дакументацыя згубіла ўсялякую сувязь з рэчаіснасцю. Адпаведна, усе самыя дзёрзкія змены, кардынальныя рэформы і рашучыя крокі, якія ажыццяўляюцца на падставе фіктыўнай статыстыкі, прынясуць карысці не больш, як рэшата – вады.

3 Responses to “Яблыкі і новыя паперы”

  1. Так сталася, што нейкі пэўны час працавала ў школе, а зараз ужо гадоў 14 як у часная кампаніі. Сення завітала ў гімназію, у якой навучаецца дачка, і мяне вельмі здзівіла стаўленне настаўнікаў да незнаемага, які пытаецца а чаму гэта дзеці прыбіраюць лісце пад час урока — а ці не з праверкай вы да нас?
    У той час, калі давялося працаваць мне, існавалі пэўныя гадзіны, калі мы з вучнямі ішлі прыбіраць тэрыторыю ля школы. Хіба зараз такога няма?

  2. Верной дорогой идЁте, товарищи!!! Еще пару месяцев и вы овладеете главным педагогическим принципом — ОНИ делают вид, что нам платят, МЫ делаем вид, что ИМ работаем! Маразм со временем крепчает, как хорошее вино.Держитесь, ребята!!!

  3. Я таксама памятаю са школы, што за кожным класам быў замацаваны нейкі кавалак і яго трэба было прыбіраць. Але гэта было ў сярэдняй школе ў спальным раёне. Ліцэй у цэнтры горада мог дазволіць сабе дворніка, якому за лісце грошы даюць.
    Што тычыцца вясковай школы, то тут зусім невялічкая тэрыторыя і абыходзіцца без дзіцячай працы.

Обсуждение - Оставьте комментарий