Як я стаў настаўнікам. Першыя ўражанні

Каб апынуцца там, дзе мы знаходзімся зараз, нам з калегамі спатрэбілася

  1. Паўгады часу (мы пачалі пошукі ў лютым, а скончылі 29 жніўня)
  2. Дахалеры тэлефонных званкоў (мы двойчы пратэлефанавалі ўсю Мінскую вобласць і некаторыя сумежныя раёны)
  3. Праехаць больш за 1,2 тыс. км. па ўсё той жа Мінскай вобласці

За гэты час нам прапанавалі наступныя пасады (у розных камбінацыях):

  • дырэктар школы
  • намеснік дырэктара школы
  • настаўнік гісторыі
  • педагог-арганізатар
  • сацыяльны педагог
  • настаўнік працоўнага навучання
  • выхавацель дашкольнай адукацыі


Ва ўсіх выпадках нікога не цікавіў ні досвед працы, ні дыплом – маўляў, ніхто не будзе звяртаць на гэта ўвагі. Пасады, за якімі мы звярталіся, канешне, прапанавалі таксама. Але шмат якія школы схільныя да думкі, што ў выкладанні, напрыклад, рускай мовы няма нічога складанага і з гэтай задачай могуць справіцца настаўнікі пачатковай школы, таму, каб не браць новага чалавека і пакінуць дадатковыя гадзіны сваім, нам адмаўлялі.

І нарэшце мы знайшлі тое, што шукалі: маленькая, амаль камерная, вясковая школка з дзіцячым садком на першым паверсе, з утульнымі кабінетамі, вялізнай спартовай залай і адсутнасцю залы актавай. Нам адразу паказалі кабінет “моваў” – і рускай, і беларускай адначасова, — які замацаваны за 10 класам. А ў гэтым класе ні я, ні Сяргей Сяргеевіч не выкладаем, таму ў “моўным” кабінеце нам працаваць яшчэ не давялося. Вось такая іронія лёсу. Затое пры першым аглядзе мы вось што там заўважылі:
(пстрыкніце па выяве, каб яе павялічыць)

І ўсё б нічога, але нават фотаздымак спадара Ніла Гілевіча датуецца 2006 годам (Сустрэча з Нілам Гілевічам у Віцебску), не кажучы ўжо пра тое, што сам ён вельмі жывы, і няхай жыве яшчэ сто год.

Дык вось я пра што.

Пакуль мы тэлефанавалі і ездзілі, ездзілі і тэлефанавалі, нечакана надышоў навучальны год. У дарозе складана знаёміцца з праграмамі навучання, методыкамі выкладання, правіламі афармлення і іншымі “…мі …ння”, таму да першага верасня я падыходзіў не проста зялёным настаўнікам – мой неабдымны досвед настаўніцкай працы змяшчаў мяне (і змяшчае да гэтае пары) на прыступку паміж зернем настаўніка і завяззю.

Першыя два ўрокі ў мяне былі ў 9 класе. Ён самы буйны ў школе – ажно 7 чалавек. Я распавёў ім, хто я ёсць, і прапанаваў, каб яны назвалі мне свае імёны і якія-небудзь захапленні – чым займаюцца ў вольны час. Як прапанаваў, так усе і зрабілі – назвалі мне толькі свае імёны, а прозвішчы пакінулі сабе. Па-мойму, гэта вельмі правільна: з аднаго боку, два новых словы (імя і прозвішча) цяжэй запомніць і засацыяваць з новым чалавекам, чым адно (імя), а з іншага, заўсёды прыемней, калі цябе называюць па імені, а не па прозвішчы. (Адзначу адразу, што з усіх чатырох класаў, з якімі я знаёміўся, на запыт “імя” выдаў яшчэ і прозвішча толькі адзін хлопец.)

Вернемся да 9 класа. Ён стаўся на дзіва незарыентаваным: амаль ніхто не ведае, што будзе рабіць напрыканцы года. Не толькі куды паступаць, але нават заставацца ці не заставацца ў школе. Сярод захапленняў у лідарах апынуліся камп’ютар і сябры.

Пасля я пазнаёміўся з класамі 7, 5 і 8, пра якія ўжо казаў мой калега. З цягам таго, як мы абменьваліся ўражаннямі, я ўсё больш і больш разумеў, што мае ўяўленні пра той ці іншы клас крыху скажоныя: дзеці не так ахвотна размаўляюць і адказваюць па-беларуску, як робяць гэта па-руску. Магчыма, таму, што баяцца зрабіць памылку ў працэсе маўлення. Ці, магчыма, таму, што я размаўляю з імі на часам не зразумелай мове. То бок праблема ляжыць на камунікатыўным узроўні – мы не можам вольна размаўляць адно з адным. Пакуль мы не можам размаўляць адно з адным, я не магу даведацца пра іх сапраўдныя здольнасці і аб’ектыўна іх ацаніць. І гэта пакуль галоўная праблема, якую мне давядзецца вырашыць.

Каб неяк палепшыць сітуацыю з маўленнем і ў перспектыве з мовай, восьмаму і дзявятаму класам я прапанаваў спіс з 12 вусных тэмаў (“Мае сябры”, “Мае капм’ютарныя гульні”, “Маё хобі” і г.д.), тры з якіх патрэбна будзе падрыхтаваць і распавесці на любым уроку першай чвэрці. Адпаведна, на пачатку кожнага ўрока беларускай мовы ў 8 ці 9 класе я запытваюся, ці падрыхтаваў хто сёння вусную тэму: калі такі чалавек ёсць, мы яго слухаем, задаём пытанні і спрабуем разам ацаніць яго выступ, калі не – пачынаем урок.

Як толькі я агучыў гэтае заданне ў 9 класе, адзін хлопец – Аляксей – ужо быў гатовы адказваць. Ён распавёў пра любімую кнігу (!), пераказаўшы яе сюжэт. Безумоўна, не без памылак, але ж гэта было без падрыхтоўкі. Клас слухаў уважліва, было нават некалькі пытанняў пасля. Спадзяюся, што дзевяцікласнікі і надалей не страцяць сваёй актыўнасці.

Калі мы з вучнямі знаёміліся і называлі, як мы бавім вольны час, амаль 100% дзяцей падкрэслілі, што дапамагаюць бацькам. Спачатку я не надаў гэтаму “хобі” значнай увагі, але ў будучыні яно шмат што растлумачыла мне ў гэтых дзецях.

One Response to “Як я стаў настаўнікам. Першыя ўражанні”

  1. А о какой книге рассказал ученик? Интересно же

Обсуждение - Оставьте комментарий